СЬВІДРАВÁЦЬ (śvidravać) (дзеяслоў, незакончанае трываньне) 1. Рабіць сьвердлам адтуліны ў чым-н. 🔸А таго, каб так лёгка сьвідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў Васіль. (Кулакоўскі). 2. Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. 🔸З тае пары, як пачалі сьвідраваць зямлю, людзі не маглі абысьціся бяз гліністага раствору. («Маладосьць»). 3. Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым-н. 🔸Сёньня людзі навучыліся тонкім струменем вады сьвідраваць сталь. (Броўка). 4. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым-н. (пра расьліны, жывёл і пад.). 🔸Граніт і голае каменьне сьвідруюць тонкія карэньні. Шукаючы жывой крыніцы, каб чыстае вады напіцца. (Грахоўскі). 5. Пераноснае значэньне: пранізваць паветра, ваду рэзкім узьлётам, хуткім вярчэньнем. 🔸Арлы-самалёты сьвідруюць прастор. (Купала). 6. Пераноснае значэньне: дзьмуць зь вялікай сілай (пра вецер). 🔸Захавай, мой сын, прашу я, човен у адрыне, няхай вецер не сьвідруе, няхай так не гіне. (Колас). 7. Пераноснае значэньне: непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуваньні). 🔸Усё гэта рабілася мэханічна, бо галаву сьвідравалі іншыя думкі. (Чарнышэвіч). Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, сьвідравала душу вострае адчуваньне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганьне. (Кулакоўскі). 8. Раздражняць слых рэзкімі гукамі. 🔸Толькі сьвідраваў вушы востры, пранізьлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. (Шашкоў). 9. Раздражняць нюх рэзкім пахам. 🔸Адчуваньне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, сьвідраваў нос. (Сабаленка). 10. Пераноснае значэньне: пільна ўглядацца ў каго, – што-н. 🔸Тодар адчуў, што вочы ўсяе залі ўпіраюцца яму ў сьпіну, сьвідруюць яго. (Крапіва).